«НО́ВАЕ ЖЫЦЦЁ»,

штотыднёвая газета. Выдавалася Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй з 3.3 да 21.5.1923 у Вільні на бел. мове. Рэдактар Я.Лагіновіч. Адлюстроўвала паліт. настроі сялян і радыкальнай інтэлігенцыі Зах. Беларусі. Пад рубрыкамі «Палітычныя падзеі», «З газет», «Весткі з сейму» з рэв.-дэмакр. пазіцый асвятляла міжнар. жыццё, паліт. становішча ў Польшчы, барацьбу ў парламенце прадстаўнікоў левых сіл, змяшчала выступленні дэпутатаў, іх паліт. заявы. Друкавала матэрыялы аб праявах сац. і нац. ўціску працоўных Зах. Беларусі, асвятляла культ. жыццё ў Зах. і Сав. Беларусі. З артыкуламі пра задачы вызв. барацьбы выступалі Лагіновіч (псеўд. Лаўрыновіч), Л.Родзевіч (псеўд. Р.Юргілевіч). Серыю артыкулаў «Беларускі пасольскі клуб у польскім сейме», «Што такое «Wyzwolenie» з беларускага пункту гледжання» апубл. У.Самойла (псеўд. Суліма). Пра стан асветы ў Зах. Беларусі пісаў С.Рак-Міхайлоўскі (псеўд. Баўтручонак). Змяшчала літ. творы У.Жылкі (паэма «Уяўленне», вершы), Родзевіча (драм. абразкі, лірыка), І.Канчэўскага (псеўд. Ганна Галубянка), Ф.Чарнышэвіча і інш., артыкулы Р.Зямкевіча пра развіццё бел. л-ры. Выйшла 13 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Пасля забароны выходзіла газ. «Наша жыццё» (з 27.5 да 25.6.1923, выйшла 6 нумароў). 6.7.1923 выпушчана аднадзёнка «Наша новае жыццё».

А.С.Ліс.

т. 11, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)